ГАРЭЛІ АГНІ КУПАЛЬСКІЯ У БАРАНІ

Купальскае свята напоўнена шматлікімі чарадзействамі. Аб гэтым сведчаць мноства легенд і паданняў. У народзе кажуць, што на Купала ночка мала. І ў гэтым выслоўі ёсць вялікая доля праўды. Сапраўды, ноч напярэдадні аднаго з самых старажытных святаў беларусаў пралятае проста імгненна, бо час праходзіць у шматлікіх забавах, танцах, а таксама традыцыйных абрадах.
У Барані па традыцыі святкавалі Купалле на цэнтральнай плошчы горада. Народ актыўна збіраўся ў месцы правядзення ўрачыстасці. У чаканні асноўнай дзеі мерапрыемства дарослыя займалі чаргу ля гандлёвых радоў, каб набыць там розныя прысмакі, а дзеці спяшаліся на атракцыёны. Але, як толькі загучалі першыя словы вядучай святочнай праграмы, ўсе дружна згуртаваліся ля сцэны.
Маштабнае купальскае прадстаўленне разгарнулася на галоўнай канцэртнай пляцоўцы. Роўна ў сем гадзін пачаўся святочны канцэрт: загучалі цымбалы і свята адкрылі скамарохі — зазывалы і юныя Купалінкі — удзельнікі ўзорнага тэатра «Вясёлка».
Першымі, хто парадаваў глядачоў сваім яркім канцэртам, былі артысты народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Гагарынскія музыкі». Сярод гасцей свята — таксама вакальны гурт «Сяброўка» з п. Балбасава.
Самабытнасць і ўнікальнасць купальскага свята дапамаглі стварыць самадзейныя артысты народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Крынічанька». Яны паказалі купальскі абрад і выканалі вянок беларускіх народных песень.
На упрыгожанай зелянінай і яркімі кветкамі сцэне, сваю канцэртную праграму прадставілі лепшыя творчыя калектывы Палаца культуры. У свяце прынялі ўдзел: узорны калектыў эстраднага танца «Адамант», вакальны гурт Палаца культуры, студыі сольных спеваў, калектыў сучаснага і ўсходняга танца «Dali Maissa». Свой канцэрт глядачам паказалі таксама творчыя дзіцячыя каллектывы.
Спявалі ад душы, аж пакуль не наступіла цемра. Гэтым скарысталіся нячысцікі: Кікімары, Чорт, Балотнік, якія знянацку захапілі сцэну. Яны і сталі на некаторы час галоўнымі героямі свята. Гэта удзельнікі узорнага тэатра «Вясёлка» паказалі глядачам урывак з казкі «Янка- сялянскі сын». У гэты час не засумаваў ні адзін госць!
Увесь вечар гучала музыка, чуўся дзіцячы смех, конкурсы, скокі, адным словам — сапраўдная купальская весялосць. Праграма свята была вельмі разнастайнай, якая адказвала самым розным густам гледачоў. Але, прырода ў гэты купальскі вечар паднесла гасцям свята сапраўдны сюрпрыз: знянацку наляцеўшы вецер прынёс і дождж. Прыйшлося ў тэрміновым парадку перамясціць канцэртную пляцоўку ў вялікую залу Палаца культуры, дзе свята прадоўжылася.
Увесь час настрой у людзей быў вясёлы, але усіх цікавіла адно: што будзе з купальскімі вогнішчамі, бо запаліць яго пасля дажджу ня проста. Як вядома, у свята Івана Купалы пакланяюцца не толькі вадзе, але і агню. У 23.00 гадзіны па славянскай традыцыі запалілі купальскае вогнішча, якога чакалі ўсі глядачы. Менавіта запальванне вогнішчаў – кульмінацыя свята! Таму надзвычай ярка загарэлася купальскае вогнішча, сімвал сонца, абуджэння прыроды, працяг жыцця.
Святочнае мерапрыемства паказала, што ў Барані шануюць свае традыцыі, а тое, што прысутнічалі на мерапрыемстве моладзь і дзеці, сведчыць аб адным, што спадчына продкаў будзе і надалей захоўвацца патомкамі.
