Конкурс ”У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…“

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу ”У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…“. Творчыя работы (больш за 1600 работ) вучняў па літаратуры, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, фатаграфіі і музыцы ацэньвала аўтарытэтнае журы, у склад якога ўваходзілі мастацтвазнаўцы, пісьменнікі, паэты, мастакі і скульптары, рэдактары выдавецтваў.
На ўрачыстай цырымоніі прысутнічала каля 60-і вучняў і іх настаўнікаў з розных куткоў Беларусі.
Вучань ДУА”Гімназія №1 г. Оршы“ Філіп’еў Дзмітрый (настаўніца Давыдзёнак С.Л.) атрымаў грамату і падарункі за верш, прысвечаны творчасці Якуба Коласа, ад паэта Міколы Маляўкі і дырэктара літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай. Верш Дзмітрыя разам з літаратурнымі творамі іншых пераможцаў конкурсу ўвайшоў у кнігу, якая будзе знаходзіцца ў фондах музея.
Члены журы, ганаровыя госці дзякавалі ўсім удзельнікам конкурсу і іх настаўнікам за любоў да творчасці, прыхільнасць да роднага слова. У год малой радзімы кожнаму помняцца радкі паэта ”Мой родны кут, як ты мне мілы!“.
