Персанальная выстава жывапісу і скульптуры Сяргея Сотнікава «Адам і Ева» (г.Віцебск, Рэспубліка Беларусь)

5 снежня 2024 года ў 16.00 у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А.Грамыкі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы жывапісу і скульптуры Сяргея Сотнікава «Адам і Ева», арганізаваная сумесна з Установай адукацыі «Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М.Машэрава».

Гісторыя Адама і Евы – першых людзей на Зямлі, што былі створаны Богам, прабацькоў чалавечага роду – вядомая кожнаму. Большасць сёння ўспрымае гэты біблейскі міф аб з’яўленні чалавека не як апісанне нейкага біялагічнага працэсу, а як метафару. Менавіта ў якасці такіх ІМЁН-МЕТАФАР і выкарыстоўвае вобразы Адама і Евы вядомы беларускі мастак Сяргей Сотнікаў у назве сваёй выставы. Гэта ўжо хутчэй не канкрэтныя персанажы біблейскай гісторыі, а своеасаблівыя архетыпы.

У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя і скульптурныя кампазіцыі розных гадоў (1998 — 2024).

Выстава працуе да 31 снежня 2024 года ўключна.

Адрас: вул.Уладзіміра Леніна, 6а, 2 паверх (Аршанская гарадская мастацкая галерэя В.А.Грамыкі).

Час працы: 10.00-18.00, штодня, акрамя панядзелка.

Кантактны тэлефон: 8-0216-56-37-50.

Аб мастаку: старшы выкладчык кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, сябра Беларускага саюза мастакоў, актыўны ўдзельнік міжнародных, абласных і гарадскіх выстаў з 1995 года. Працуе ў розных жанрах жывапісу і скульптуры. Вядомы як аўтар шэрагу скульптурных кампазіцый, што прадстаўлены ў Магілёве, Віцебску, Гарадку, Мінску. Творы мастака знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Віцебскага мастацкага музея, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.У.Масленікава, Аршанскага музея У.Караткевіча, у музеях і прыватных калекцыях у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой.

Загадчык Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А.Грамыкі Раіса Кандрацюк