«Рукадзельная вясна Наталлі Семянковай»

У Аршанскім музеі У.С.Караткевіча ў першыя вясеннія дні распачала сваю работу персанальная выстава карцін вышытых крыжыкам «Мая рукадзельная вясна» Наталлі Семянковай з г.Барань.

Наталля Семянкова пазнаёмілася з цудоўным светам вышыўкі крыжыкам у 2006 годзе. Негледзячы на тое, што у яе сям’і вышывалі бабуля з дзядулем, іх працы мастачка змагла ацаніць толькі калі сама пачала праводзіць шмат часу за пяльцамі. Спачатку гэта былі невялікія сюжэты з жывёламі і кветкамі, многія з якіх былі падараваны блізкім. І толькі вышываючы ў 2014 годзе работу «Гракі прыляцелі» па матывах карціны А.К.Саўрасава, Наталля зразумела, што з гэтага часу будзе вышываць толькі карціны вялікіх мастакоў. Зараз у калекцыі мастачкі ёсць карціны Аляксея Саўрасава, Юрыя Абухоўскага, Артура Джона Элслі, П’ера Агюста Ката і нашага земляка Леаніда Афрэмава. Пры выбары сюжэту мастачка аддае перавагу пейзажам, жанравым сцэнам і гарадскім замалеўкам.

На выставе ў музеі прадстаўлена 20 работ мастачкі. З першага погляду на гэтыя цудоўныя карціны сэрца прысутных напаўняюцца цеплынёй, пяшчотай і дабрынёй.

Адкрыццё выставы прайшло ва ўтульнай атмасферы. Работы стварылі па-вясноваму радасны настрой. Сюды прыйшлі родныя і блізкія Наталлі, яе калегі па працы, а таксама жыхары і госці горада, не абыякавыя да гэтага віду рамяства.

Ініцыятарам выставы стаў усім вядомы мастак, ганаровы грамадзянін г.Барань, член Саюза мастакоў Беларусі, наш зямляк – Мікалай Іванавіч Таранда. Падтрымаць Наталлю на яе персанальнай выставе прыехалі і госці з Мінску – Вольга Грыневіч, генеральны дырэктар сеткі багетных майстэрняў “БелБагетМайстар”, Таццяна Плавінская – артдырэктар гэтых майстэрняў, а таксама сяброўкі Наталлі.

Выстава “Мая рукадзельная вясна” будзе доўжыцца ў музеі да 31 сакавіка бягучага года.

Чакаем Вас па адрасе: г.Орша, вул. Уладзіміра Ленiна, 26, штодзень, апрача панядзелка, з 10.00 да 18.00.

Старшы навуковы супрацоўнік

Аршанскага музея У.С. Караткевіча Кацярына Касьянава