Сумесная выстава Людмілы і Міхася Цыбульскіх “Магія гуашы” (г.Віцебск)

11 снежня 2025 года ў 15.00 у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А.Грамыкі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё сумеснай выставы Людмілы і Міхася Цыбульскіх “Магія гуашы”.
Гуаш – выдатны матэрыял для творчасці, пакуль што, недаацэнены мастакамі. Гэта надзіву пластычная фарба, каларыстычная насычанасць і аксамітавая матавасць якой надаюць карцінам своеасаблівасць і высакароднасць. Сакавітая палітра гуашы дазваляе ствараць прыгожыя і глыбокія адценні, вар’іраваць танальную насычанасць, а яе мяккая тэкстура забяспечвае лёгкае нанясенне і змешванне колераў. Творы, якія выкананы гуашшу, адносяць да графікі, але апошнім часам шэраг мастакоў і мастацтвазнаўцаў лічыць некаторыя з іх паўнавартасным жывапісам.
Для аўтараў кампазіцый, прадстаўленых у экспазіцыі, магія гуашы, перш за ўсё, заключана ў самой тэхніцы працы, у загадкавасці і непрадказальнасці гэтых фарбаў. Вядомы як адзін з самых простых медыумаў для творчасці, гуаш многімі мастакамі ў той жа час, лічыцца самай складанай для засваення. Гуаш – матэрыял, якім вельмі добра і зручна выконваць дэкаратыўныя кампазіцыі, працаваць на пленэры, рабіць эцюды і нават завершаныя творы.
Дадзеная выстава – не проста “ода гуашы”, але запрашэнне ў вандроўку, у непаўторны свет гэтага матэрыялу, адлюстраванне сапраўднай зачараванасці двух мастакоў яе ўнікальнымі якасцямі. У яе асаблівая мова, ключ да якой схаваны ў дэкаратыўнасці, чысціні, звонкасці і прамяністасці… Гуаш дазваляе пісаць лёгка і з задавальненнем, дае магчымасць рэалізаваць любыя, творчыя задумы аўтара, у поўнай меры праявіць яго індывідуальнасць.
У экспазіцыі выставы “Магія гуашы” прадстаўлены дэкаратыўныя кампазіцыі, эскізы тканінаў і дываноў, пленэрныя эцюды, якія былі створаны ў розныя перыяды творчасці Людмілы і Міхаіла Цыбульскіх.
Выстава працягнеца да 11 студеня 2026 года ўключна.
Адрас: вул.Уладзіміра Леніна, 6а, 2 паверх (Аршанская гарадская мастацкая галерэя В.А.Грамыкі).
Час працы: 10.00-19.00, штодня, акрамя панядзелка.
Кантактны тэлефон: 8-0216-56-37-50.
