Хрыстос Уваскрос!

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна, і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Гасподзь!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Гасподзь, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.

(Евангелле ад Яна 21,4-7)

Гэты фрагмент Евангелля распавядае пра радасць, якую перажывае апостал Пётр, адзін з вучняў Езуса Хрыста. Для яго важна не столькі тое, што адбыўся цуд з лоўляй рыбы, колькі тое, што яго Настаўнік, з якім жыў тры гады, быў забіты і пахаваны, а цяпер жывы. Пётр ад радасці не звяртае ўвагі ўжо на рыбу. Ён кідаецца ў ваду, каб скарэй быць першым каля свайго Ўваскрослага Госпада.

Дарагія і шаноўныя жыхары Оршы! Для многіх з нас свята Пасхі – гэта старадаўняя прыгожая традыцыя, якую святкуюць у кругу сям’і з роднымі і блізкімі. На жаль, мы неаднойчы на гэтым і спыняемся. Жадаю, каб, апроч нашых людзкіх традыцый, мы сустрэліся з Богам, які чыніць цуды ў нашым жыцці. А яшчэ важней – жадаю, каб мы дасведчылі радасці і міру ад сустрэчы з Жывым і Ўваскрослым Богам, падобна, як гэтага дасведчыў апостал Пётр.

Няхай Бог Духам Святым адкрые Вашыя сэрцы на Яго святую прысутнасць і Яго Любоў.

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Айцец Вадзім Мізер МІС,

Настаяцель касцёла св. Юзафа ў Оршы

Парадак пасхальных набажэнстваў у касцёле Святога Юзафа (вул. Савецкая 6):

Пасвячэнне страў на велікодны стол:

у суботу 20.04 кожную гадзіну з 8.00 да 19.00

Начная пасхальная Літургія (субота, 20.04) – 21.00

Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (21.04) – 11.00