Расіяне ў Аршанскім музеі У.С. Караткевіча

Падчас наведвання музея госці пазнаёміліся з жыццём і творчасцю знакамітага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, сустрэлі беларускага Зюзю — старэйшага брата Дзеда Мароза, у ролі якога выступіў вядомы на Аршаншчыне паэт і дэкламатар Уладзімір Жытноў.

Уладзімір Міхайлавіч чытаў гасцям вершы, з ўласцівымі яму акцёрскімі дадзенымі, распавядаў пра сустрэчы з вядомымі зоркамі расійскай эстрады. Шчырыя апладысменты ўдзячных гледачоў атрымаў не толькі член “народнага “ літаратурнага аб”яднання “Дняпроўскія галасы” У. Жытноў. З вялікай цікавасцю і захапленнем расіяне слухалі цудоўны, мілагучны голас Алы Касцюковіч і беларускія песні ў яе выканані. Прыгожая вышываная вопратка спявачкі, яе артыстызм выклікалі ў гасцей шмат эмоцый. Конкурс на лепшае веданне прымавак, які праводзіла Ала Ільінічна, завершыўся каляднымі пачастункамі – гарачымі блінамі і аладкамі. Не пакінуў нікога абыякавым і конурс танцаў. Сваё віртуёзнае валоданне акардыёнам прадэманстравала выкладчык ДШМ №1 Ганна Ніжавец. Пад гукі рускай “Барыні” ногі самі пачыналі танчыць, потым было энэргічнае танга, рок-н-рол, ламбада…

Напрыканцы сустрэчы госці з натхненнем заспявалі беларускую “Купалінку”. А, каб словы песні не забыліся, яе тэкст разам з сувенірамі ад музея расійскія турысты атрымалі ў якасці падарунка. Час, адведзены на наведванне музея Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча праляцеў надзвычай хутка. Развітваючыся, расіяне, паабяцалі абавязкова вярнуцца ў гэты гасцінны куток, дзе “У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы, Разгайдалася хмурынак бель…”.

Старшы навуковы супрацоўнік Аршанскага музея У.С. Караткевіча К. Касьянава